Сяргей Панізьнік
Песня Украіне

Калісьці паміж двух шнуроў пшаніцы
спынілі двое на мяжы плугі.
І з іх адзін назваўся украінцам,
і беларусам вызнаўся другі.

Абое селі і на родных мовах
паміж сабой гамонку павялі.
І стала іх ратайская размова
найпершай дыпламатыяй зямлі.

Сусед суседу верыў і ахвоча
не раз дапамагаў у жорсткі век.
Аб Украіне марыць Багдановіч,
на Беларусі Камяняр жыве.

Тут Сеч бунтарнай еднасцю апаліць
і ўскалыхне, як вольны вецер плёс.
Здаецца, лёс трывожнага Купалы
згадаў Тараса неспакойны лёс.

Я сінявокім краем ганаруся,
куды б вандроўны вецер ні паслаў.
Не жыў бы ў сэрцы сум па Беларусі –
я Украіну б роднаю назваў.

18.01.1966
Львоў

За виданням: Кастры Купалля. Мінск: Беларусь, 1967. С. 8.

  • 28
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
    28
    Shares